Майстэрня ландшафтнай архітэктуры

Майстэрня стваралася для распрацоўкі экалагічнай сцежкі на самым вялікім востраве Беларусі. Да ўдзелу былі запрошаныя беларускія і эстонскія ландшафтныя архітэктары, якія на працягу пяці дзён даследавалі мясцовасць. Вынікам майстэрні сталі тры канцэпцыі развіцця экалагічных сцежак на востраве, якія змогуць паспрыяць развіццю турызму ў Асвейскім заказніку.

Востраў Ду, заказнік Асвейскі (Віцебская вобласць), 2017 год

Мы стваралі дызайн для актыўнага адпачынку, прадумваючы як канцэпцыю самога аб’екта, які быў разлічаны для наведвання, так і аб’екты інфраструктуры: прагулачныя сцежкі, пункты назірання за прыродай, інфармацыйныя знакі, месцы для пікнікоў, паркоўку для аўтамабіляў, кемпінгі, адпачынак ля вады і інш.

У кастрычніку 2017 года «Багна» ў партнёрстве з Эстонскім фондам прыроды (ELF) арганізавала 5-дзённы выязны варкшоп для 15 ландшафтных архітэктараў, якія працавалі над стварэннем праекта экалагічнай сцежкі на востраве Ду, самым вялікім востраве Беларусі. Куратарам майстэрні выступіў прафесар Сайман Бэл, кіраўнік дэпартамента ландшафтнай архітэктуры Эстонскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук, а з беларускага боку – мастак Ігар Стахіевіч aka Bazinato. Па выніках варкшопу былі распрацаваны тры варыянты сцежкі, адзін з якіх будзе рэалізаваны на працягу двух гадоў.

Куратары майстэрні аб варкшопе:

«Сярод удзельнікаў з эстонскага боку было таксама шасцёра маіх студэнтаў з розных краін: Чэхіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Венгрыі, Эстоніі і Японіі.

«І гэта прынесла свежы погляд на праект, таму што гэтыя людзі ніколі не былі ў Беларусі і змаглі паказаць беларускім удзельнікам, як бачыцца краіна з боку. Плюс ўвесь досвед, які яны атрымалі ў сваіх краінах, паўплываў на тое, якія чаканні ў іх былі ці з’явіліся ў ходзе праекта як у простых наведвальнікаў, напрыклад. Мы падзялілі ўсіх удзельнікаў на тры групы, у якіх было па шэсць чалавек, – тры з кожнага боку, прычым імкнуліся зрабіць групы максімальна змяшанымі па досведзе і адукацыі (там былі біёлагі, ландшафтныя дызайнеры, архітэктары, мастакі і г.д). Дзякуючы гэтаму падчас працы было шмат мазгавога штурму і абмену ідэямі, поглядамі і мэтадамі», – Simon Bell

Задумваючы майстэрню, мы першапачаткова планавалі ствараць рэалістычныя працы і зрабіць так, каб чалавек змог максімальна якасна дакрануцца да прыроды і пры гэтым мінімальна яе траўмаваць сваёй прысутнасцю.

«Але акрамя непасрэднага стварэння экасцежак на востраве, я быў таксама зацікаўлены ва ўкараненні мастацтва і прасоўванні экалагічных ідэй пры дапамозе мастацтва. Першапачатковая задача была ва ўсіх аднолькавая: вывучыць востраў, зразумець, як могуць праходзіць маршруты, надаць увагу прыродзе – якія віды там жывуць, што адбываецца з гэтым востравам, таму што ў дадзены момант тэрыторыя арандуецца паляўнічым угоддзем”, – Bazinato.

Гэтая майстэрня дазволіла нам, работнікам заказніка, паглядзець на сваю тэрыторыю і ландшафт іншымі вачыма.

«Удзельнікі, якія раней не бачылі гэтых месцаў і валодалі не такой ужо вялікай колькасцю інфармацыі, на працягу тыдня прадставілі тры даволі розныя праекты. Думаю, што адзін з праектаў увасобіцца на востраве і дазволіць прыцягнуць больш турыстаў. Мне запала ў душу тое, што архітэктары пастараліся выкарыстоўваць рэшткі цывілізацыі, якія калісьці была на востраве, і ўключыць іх ў маршрут экалагічнай сцежкі. Спадабаліся ідэі, звязаныя з пераасэнсаваннем прыроднага набытку: дрэвамі, рэзкай зменай ландшафту, балотамі. Але не варта забываць аб тым, што збудаваныя будынкі ў далейшым запатрабуюць падтрымання годнага і бяспечнага стану. Але ў заказніка няма неабходнай колькасці працоўных рук і сродкаў на рэканструкцыю. Таму пры планаванні мы будзем ўлічваць, што ў перспектыве нам спатрэбіцца дапамога», – дырэктар Асвейскага заказніка Ігар Раманюк.

Удзельніца майстэрні Алена Ткачэнка аб праведзенай працы: «Дзве групы, зацікаўленыя ў праектаванні экалагічных сцежак на востраве, узаемадзейнічалі адзін з адным, і кожны ўдзельнік атрымаў рэалістычны і пазітыўны вынік: агулам было створана тры варыянты праекта. Біёлагі і дырэкцыя заказніка Асвея, з аднаго боку, дазволілі захаваць прыродны баланс, засяродзіць увагу наведвальніка на важных прыродных характарыстыках тэрыторыі. Мастакі і ландшафтныя архітэктары, з другога боку, падкрэслівалі важнасць арт-аб’ектаў, яны ўзмацняюць жаданне наведвальнікаў думаць творча і развіваць свае эстэтычныя, эмацыйныя здольнасці для ўспрымання пейзажу. Студэнты з эстонскага ўніверсітэта працавалі разам з беларускімі спецыялістамі. Гэтая акалічнасць дапамагала гарманічна дапаўняць адзін аднаго з прафесійнага пункту гледжання: у Беларусі дзікая прырода сапраўды больш “дзікая”, што было нечаканасцю для многіх. Бо наведвальнікі адкрываюць для сябе дзікія прыгажосці з асцярогай і няўпэўненасцю, таму што няма пракладзеных сцежак і паказальнікаў».

3 гісторыі выспы Ду

«Make Du Great Again»

сканцэнтраваў увагу на гістарычным мінулым выспы і ўжо існуючых будынках і прапанаваў стварыць там музей пад адкрытым небам. Архітэктары прапануюць задзейнічаць артэфакты, знойдзеныя на востраве, і ствараць з іх лэнд-арт аб’екты: напрыклад, рэшткі жылых збудаванняў можна выкарыстоўваць у якасці хованкі. Таксама ў праекце каманды прадугледжана маркіраваная пешаходная сцежка, спецыяльна адведзеныя месцы для мерапрыемстваў накшталт фестываляў і адукацыйных праграм, пляцоўка для воркаўта і нават фудкорт для жывёл.

Пазнаёміцца з праектам Make Du great again

«Du it»

звяртае ўвагу на галоўную асаблівасць выспы – ландшафт. Турыстам павінна быць прапанавана магчымасць вывучаць рэльеф мясцовасці і асаблівасці прыроды. Для гэтага плануецца стварэнне некалькіх абсталяваных маршрутаў: на кароткую дыстанцыю, сярэднюю, для веласіпедыстаў і для людзей з інваліднасцю. Таксама ёсць ідэя пабудаваць аглядную пляцоўку, адкуль можна будзе паглядзець на выспу з вышыні і назіраць за птушкамі. Пры гэтым найважнейшымі прынцыпамі з’яўляюцца мінімальнае ўмяшанне ў прыроду і выкарыстанне выключна лакальных рэсурсаў для будаўніцтва збудаванняў.

Пазнаёміцца з праектам Du it

«Durist»

гэта чалавек, які наведвае востраў Ду. Асноўная тэма – падарожжа з прамым узаемадзеяннем з прыродай. Каманда прапанавала серыю экалагічных сцежак для аматараў пабыць «у дзікіх умовах», аматараў прыгод, квэстаў, накіраваных на інтэрактыўнае навучанне наведвальніка. Варта адзначыць наступныя ідэі: будаўніцтва паласы перашкод на балоце; своеасаблівыя «вушы» на дрэвах, праз якія стане прасцей пачуць гукі прыроды; уваход у закінутую вёску праз невялікі парк паблізу – ён нагадвае містычны партал.

Пазнаёміцца з праектам Durist

Land art

гэты праект грунтуецца на трансфармацыі навакольных рэчаў у сродак камунікацыі з прыродай. Турыст успамінае міфы пра «гаваркі» лес, намацвае далікатную сувязь з жывёламі і раслінамі, глядзіць на сляды ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага свету. У праекце задзейнічана шмат артэфактаў чалавечай жыццядзейнасці: палі, тыя, што засталіся пасля кароўніка, на якіх з’явяцца скульптуры, інсталяцыі на месцы падмурка ад разбураных дамоў, прадметы забытага і зноўку пераасэнсаванага мастаком на месцы старой кацельні. Праца з часам, прасторай і элементам, які яднае іх, – прыродай.Пазнаёміцца з праектам Land art

Пазнаёміцца з праектам Land art

Сайт праета з падрябязнай інфармацыяй
Сайт праета з падрябязнай інфармацыяй
© Багна
© Багна
© Багна
© Багна
© Багна
© Багна