Прыродаахоўныя талакі

У 2016 годзе «Багна» ў партнёрстве з Эстонскім фондам прыроды (ELF) арганізавала першую ў Беларусі прыродаахоўную талаку ў ландшафтным заказніку «Азёры». Ідэя прыйшла з Эстоніі, дзе такога роду мерапрыемствы праводзяцца ўжо 20 гадоў і вельмі папулярныя сярод жыхароў краіны.

Сучасная талака – гэта спалучэнне традыцый калектыўнай бескарыслівай узаемадапамогі і валанцёрскага менеджменту.

Яе мэта – захаванне і аднаўленне навакольнага асяроддзя, экалагічная адукацыя і прасоўванне прынцыпаў устойлівага развіцця.

Талака – гэта магчымасць паглядзець дзікія месцы і заказнікі Беларусі, выконваючы пасільную работу па аднаўленні месцы рассялення рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фаўны, прыборцы тэрыторыі і рамонце інфраструктурных аб’ектаў.

Другая талака прайшла ў ліпені 2017 года на балоце Ельня, трэцяя ў жніўні таго ж года на Тураўскім лузе.

Для таго, каб першымі даведвацца пра наступную талаку, чытайце навіны на нашым сайце Bahna.land і падпісвайцеся на сацсеткі.

Калі праходзіць талака?

Талака бывае ва ўсе поры года. Часцей за ўсё летам і восенню, таму што менавіта тады найбольш прыдатны час для правядзення прыродаахоўнай дзейнасці.

Як доўга доўжыцца працоўны дзень?

Праца звычайна займае 6 гадзін у дзень, так што ў нас застаецца дастаткова вольнага часу, каб пазнаёміцца з наваколлем, схадзіць у лазню, атрымаць асалоду ад прыроды, распачаць штосьці цікавае.

Ці ўсё могуць узяць удзел?

Так, удзельнічаць можа кожны: маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны. Тых, каму не споўнілася 18 гадоў, чакаем з паўналетнім суправаджэннем.

Наколькі ў добрай форме я павінен быць, каб удзельнічаць?

Талака не абавязкова прадугледжвае добрую фізічную падрыхтоўку або спецыфічныя ўменні. Кожнаму знойдзецца адпаведная яму праца.

Дзе талака праводзіцца?

Праводзіцца ў дзікай прыродзе па ўсёй Беларусі. За талаку можна пабываць як у вялікіх нацыянальных парках, так і ў маленькіх малавядомых заказніках.

Якія менавіта працы там праводзяцца?

Мэта работы – захаванне і аднаўленне, падтрыманне стану паўпрыродных супольнасцяў, паркаў і ландшафтных формаў, біятопаў. А таксама стварэнне доступу для наведвальнікаў, збудаванне і абнаўленне турыстычных сцежак.

Як я туды траплю?

На месцы правядзення талакі транспарт арганізуе Багна. З вялікіх гарадоў да патрэбных месцаў дабіраюцца, арганізуючыся паміж сабой або выкарыстоўваючы грамадскі транспарт.

Хто-небудзь кіруе і дапамагае?

На кожнай талацэ ёсць вядучы, а часам некалькі. Ён на талацэ якраз для таго, каб усё добра і бяспечна адбывалася. Вядучы яшчэ да талакі паведамляе, куды ехаць і што браць з сабой. Падчас талакі ён клапоціцца, каб у кожнага было чым заняцца, былі патрэбныя інструменты, пітная вада і г.д. Вядучы таксама валодае навыкамі першай дапамогі.

Талакі доўжацца некалькі дзён, дзе ў гэты час ядуць і спяць?

Ежа і начлег арганізуецца Багнай, і кожны раз па-рознаму. Часам спім у намётах і разам гатуем ежу на вогнішчы, а часам заначуем у сядзібе, і для нас гатуе кухар ці гаспадыня.